Распачаты прыём заяваў на LVEE 2017
02 траўня 2017, 20:48
Міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабодных праграм Linux Vacation / Eastern Europe (LVEE 2017) адбудзецца з 22 па 25 чэрвеня пад Горадняй.
Арганізацыйны камітэт ужо пачаў прымаць даклады і заявы на ўдзел, а таксама запрашае фундатараў да супрацы.
Штогадовая беларуская канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабоднага праграмавання заўсёды збірае пад Горадняй адмыслоўцаў гэтай галіны з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Еўрасаюза і інш.
Арганізатары LVEE 2017 – суполка менскіх карыстальнікаў Linux, а таксама дзейныя сябры супольнасці open source з Горадні і Берасця. Рэкамендаваныя для ўдзелу ў канферэнцыі мовы – расійская, беларуская і ангельская.
У Linux Vacation / Eastern Europe прафесійны абмен досведам спалучаецца з трохдзённымі нефармальнымі стасункамі паміж ўдзельнікамі на прыродзе. Арганізацыйны камітэт дзейнічае на грунце валантэрства і займаецца зборам тэзісаў выступленняў, складаннем праграмы канферэнцыі, такім чынам забяспечваючы яе высокі прафесійны ўзровень. Фармат канферэнцыі ўлучае слуханне дакладаў, кароткіх выступаў, удзел у workshop’ах, круглых сталах. Абсяг тэмаў, выяўленых на канферэнцыі, традыцыйна шырокі — ад расповедаў пра новыя свабодныя тэхналогіі, праграмныя прадукты і досвед іх укаранення да аналізу праўных і эканамічных бакоў свабодных ліцэнзій. Тэзісы канферэнцыі, якія плануецца выдаць перад канферэнцыяй, змяшчаюць у сабе тэзісы прынятых да LVEE 2017 дакладаў, традыцыйны блок інтэрв’ю.
Каб узяць удзел у LVEE 2017, трэба зарэгістравацца на сайце ініцыятывы http://lvee.org і заявіць аб удзеле ў LVEE 2017 не пазней за 11 чэрвеня. Прамоўцам канферэнцыі належыць падаць тэзісы прамовы не пазней за гэтую дату з дапамогай сістэмы анлайнавага рэдагавання і рэцэнзавання на сайце канферэнцыі. Паводле традыцыі LVEE прамоўцы, прадстаўнікі фундатараў і прэсы вызваляюцца ад платы арганізацыйнага ўнёску.
На сайце можна таксама знайсці падрабязную інфармацыю пра ўласна канферэнцыю: гісторыю праекта, патрабаванні да афармлення тэзісаў, звесткі пра даезд і жытло для ўдзельнікаў, матэрыялы з мінулых канферэнцый.
Таксама арганізацыйны камітэт запрашае да ўдзелу фундатараў. Мерапрыемства традыцыйна падтрымліваюць IT-фірмы, зацікаўленыя ў супрацы з кваліфікаванымі адмыслоўцамі галіны свабоднага праграмавання, а таксама ў падтрымцы культуры свабоднага праграмавання як сацыяльна важкага феномена. Удзел у LVEE 2017 дае такім фірмам выключную магчымасць простай працы з аўдыторыяй, якую складаюць найбольш дзейныя распрацоўнікі і карыстальнікі свабодных праграм.
Ужо цяпер пра падтрымку LVEE 2017 абвясцілi кампаніi SaM Solutions, EPAM Systems, ITS Partner, Wargaming.net, MyCloud.by, hoster.by