GNU/Linux
матэрыял з Вікіпедыі – свабоднай энцыклапедыі
GNU/Linux (вымаўляецца “гну слэш лінукс”) — свабодная UNIX-падобная аперацыйная сістэма. Яна заснаваная на сістэмных праграмах, распрацаваных у межах праекта GNU, і на ядры Linux. Часта, з гістарычных прычын і дзеля зручнасці, гэтую сістэму клічуць проста “Linux”.
У адрозненне ад бальшыні іншых аперацыйных сістэм, GNU/Linux не мае адзінай “афіцыйнай” камплектацыі. Замест гэтага GNU/Linux пастаўляецца ў шматлікіх так званых дыстрыбуцыях, дзе праграмы GNU спалучаюцца з ядром Linux і іншымі праграмамі. Найвядомейшымі дыстрыбуцыямі GNU/Linux з’яўляюцца Slackware, Red Hat, Fedora, Mandriva, SuSE, Debian, Gentoo, Ubuntu.
У адрозненне ад Microsoft Windows (Windows NT), Mac OS (Mac OS X) і камерцыйных UNIX-падобных сістэм, GNU/Linux не мае геаграфічнага цэнтра распрацоўкі. Няма таксама арганізацыі, якая б валодала гэтай сістэмай; няма нават адзінага каардынацыйнага цэнтра. Праграмы для GNU/Linux — вынік працы тысяч праектаў. Некаторыя з гэтых праектаў цэнтралізаваныя, некаторыя засяроджаныя ў фірмах, але ў бальшыні яны яднаюць праграмістаў з усяго свету, знаёмых адзін з адным толькі праз ліставанне. Стварыць свой праект ці далучыцца да ўжо наяўнага можа любы чалавек і, ў выпадку поспеху, вынікі працы стануць вядомымі мільёнам карыстальнікаў. Карыстальнікі дапамагаюць тэставаць праграмы, наўпрост камунікуюць з распрацоўшчыкамі, што дазваляе хутка знаходзіць і выпраўляць хібы і рэалізоўваць новыя магчымасці. Гісторыя развіцця UNIX-сістэм. GNU/Linux з’яўляецца узгодненай з UNIX сістэмай, але заснаваная на сваім выточным кодзе.
Менавіта такая гнуткая і дынамічная сістэма распрацоўкі, немагчымая для праектаў з закрытым кодам, забяспечвае выключную эканамічную эфектыўнасць GNU/Linux. Нізкі кошт свабодных распрацовак, наладжаныя механізмы тэсціравання і распаўсюду, прыцягванне да ўдзелу людзей з розных краін, якія бачаць праблемы з іншых ракурсаў, абарона коду ліцэнзіяй GPL — усё гэта стала прычынай паспяховасці свабодных праграм.
Канечне, такая высокая эфектыўнасць распрацоўкі не магла не зацікавіць буйныя фірмы, якія пачалі адкрываць свае праекты. Так з’явіліся Mozilla (Netscape, AOL), OpenOffice.org (Sun), свабодны клон Interbase (Borland) — Firebird, SAP DB (SAP). IBM дапамагла перанесці GNU/Linux на свае мэйнфрэймы.
З іншага боку, адкрыты код значна зніжае кошт распрацоўкі закрытых сістэм для GNU/Linux і дазваляе знізіць цану рашэння для карыстальніка. Вось чаму GNU/Linux стала платформай, якую часта рэкамендуюць для такіх прадуктаў, як Oracle Database, DB2, Informix, SyBase, SAP R3, Domino.
Супольнасць GNU/Linux падтрымлівае сувязь праз групы карыстальнікаў Linux.